Новости сайта

 
 
Изображение пользователя Администратор
Рэспубліканскі форум «Кніга=Свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання»
от Администратор - Monday, 19 September 2016, 13:37
 

У межах рэспубліканскага інфармацыйна-асветніцкага праекта «КнігаСвет» 13 кастрычніка 2016 года пачне работу Рэспубліканскі форум «Кніга=Свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання», арганізатарам якога выступілі Навукова-метадычная ўстанова «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом „Звязда“» (газеты «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісы «Нёман», «Полымя», «Маладосць», «Бярозка»), Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», Установа «Рэдакцыя газеты „Настаўніцкая газета“».

Інавацыйны паводле шляхоў і сродкаў рэалізацыі праект «КнігаСвет» мае на мэце стварэнне ўмоў для шматвектарнага развіцця культуры чытання беларускага грамадства, інтэнсіфікацыі працэсаў, звязаных з выхаваннем кампетэнтнага, кваліфікаванага чытача на працягу ўсяго жыцця, а таксама для фарміравання і развіцця адкрытага інавацыйнага асяроддзя, арыентаванага на актыўнае ўзаемадзеянне ўсіх, хто зацікаўлены ў росце прэстыжнасці літаратуры і чытання як нацыянальнай культурнай каштоўнасці (чытачоў розных узростаў, літаратараў, выдаўцоў, бібліятэкараў, педагогаў, навучэнцаў і інш.).

Рэспубліканскі форум «Кніга=Свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання» закліканы стаць адным з важных крокаў па рэалізацыі праекта «КнігаСвет».

Праблематыка мерапрыемства адлюстроўвае комплексны характар задач, звязаных з выпрацоўкай і рэалізацыяй нацыянальнай стратэгіі падтрымкі чытання, якое сёння айчыннымі і замежнымі даследчыкамі, экспертамі разглядаецца ў якасці аднаго з рэсурсаў інавацыйнага развіцця грамадства. Праблемнае поле форуму ўключае шэраг востра актуальных пазіцый, у ліку якіх:

  • забеспячэнне ўстойлівага развіцця сацыякультурнай прасторы чытання: вызначэнне аптымальнай інфраструктуры, суадносіны інстытуцыянальных і нефармальных кампанентаў; сістэма эфектыўнага ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых, інфармацыйны абмен паміж сегментамі прасторы; роля і магчымасці сучасных  бібліятэк у папулярызацыі чытання і развіцці чытацкай культуры на рэспубліканскім, рэгіянальным, лакальным узроўнях; уплыў сродкаў масавай інфармацыі на фарміраванне ў грамадстве каштоўнаснага стаўлення да чытання і кніжнай культуры;
  • культура чытання як педагагічная праблема: фарміраванне чытацкай культуры ў сістэме неперарыўнай літаратурнай адукацыі; змест і арганізацыя навучання літаратуры ў школе; сучасная літаратура Беларусі як сродак выхавання кампетэнтнага чытача і г. д.;
  • «Аўтар – Твор – Чытач»: сучасная мастацкая літаратура як аб’ект чытацкага ўспрымання; сацыялагічны партрэт беларускага чытача; медыявобраз беларускага сучаснага літаратара; роля літаратурна-мастацкіх выданняў у сучаснай культурна-адукацыйнай прасторы і інш.;
  • праблемы і перспектывы развіцця беларускага кнігавыдання: кніга як матэрыяльны аб’ект і культурны феномен; сучасныя фарматы кніжных выданняў; паняцце «якаснай кнігі» ў сучасным кнігавыданні; феномен «шырокай/масавай чытацкай аўдыторыі» ў святле тэндэнцый развіцця беларускага кнігавыдання; шлях кнігі да сучаснага чытача; ініцыятывы па падтрымцы чытання выдаўцамі Рэспублікі Беларусь;
  • найноўшыя ІКТ і інтэрнэт-рэсурсы як эфектыўныя інструменты інавацыйнага развіцця сацыякультурнай прасторы чытання.

 

Удзельнікамі форуму будуць пісьменнікі і педагогі, выдаўцы і навукоўцы, супрацоўнікі бібліятэк і спецыялісты сістэмы адукацыі, навучэнцы школ і каледжаў, студэнты.

У межах форуму мяркуецца пленарнае пасяджэнне, работа секцый і круглага стала, правядзенне майстар-класаў.

Удзельнікам мерапрыемства і прадстаўнікам СМІ будзе прэзентаваны інтэрнэт-рэсурс «КнiгаСвет».

На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання  пераможцаў ІІ этапу культурна-інфармацыйнага марафону «Культ-пра-Свет» і дыстанцыйнага праекта «Стартап-фэст „Спадчына.tut“», арганізаваных Нацыянальным інстытутам адукацыі, удзельнiкаў чакае атмасфера сапраўднага свята. Выдавецкi дом «Звязда» ўзнагародзiць лепшых бібліятэкараў сістэмы культуры і адукацыі дыпломамі «За пашырэнне чытацкай аўдыторыі прасторы беларускай літаратуры».

Будзе працаваць выстава кніжнай прадукцыі.

У якасці чаканага эфекту мерапрыемства можна разглядаць павышэнне матывацыі для пашырэння чытацкага кругагляду ў прадстаўнікоў розных чытацкіх пакаленняў дзякуючы знаёмству з набыткамі сучаснага беларускага мастацтва слова, кнігавыдання, а таксама праз далучэнне да разнастайных адукацыйных, інфармацыйна-асветніцкіх ініцыятыў, медыйных падзей, праз асабістае ўключэнне ў стварэнне і развіццё пляцовак для ўзаемадзеяння прафесійнага, творчага і асобаснага.

Мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска. Спонсарамі выступілі выдавецтва «Аверсэв», прадстаўніцтва «Schneider Electric Industries SAS» (Францыя) у Рэспубліцы Беларусь, кампанія «Смартон».

Інфармацыйны ліст, прэс-рэліз і іншыя матэрыялы, якія суправаджаюць мерапрыемства, размешчаны на старонках нацыянальнага адукацыйнага партала http://adu.by, інтэрнэт-рэсурсу «КнігаСвет», афіцыйнага сайта Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом „Звязда“» http://zviazda.by, а таксама на афіцыйных старонках нацыянальнага адукацыйнага партала ў сацыяльных сетках Facebook, «ВКонтакте», у сродках масавай інфармацыі.

 

Адрас аргкамітэта:

220004, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Караля, д. 16, каб. 325.

Кантактная інфармацыя:

тэл.: +375 17 229 19 67 Гульнара Мансураўна Юсцінская;

+375 17 287 18 38 Наталля Міхайлаўна Кароткая;

+ 375 284 66 73, + 375 29 349 29 65 Вікторыя Альгімантаўна Лукашутэ;

е-mail: adumetod@gmail.com; www.adu.by@gmail.com