Новости сайта

Рэспубліканская чытацкая сесія «„ЧЫТАЧ – гэта культурны статус“: расцём з „КнігаСветам“» і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў віртуальнай выставы «Фэст буктрэйлераў па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа»

Рэспубліканская чытацкая сесія «„ЧЫТАЧ – гэта культурны статус“: расцём з „КнігаСветам“» і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў віртуальнай выставы «Фэст буктрэйлераў па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа»

от Администратор 1 -
Количество ответов: 0

У межах рэспубліканскага інфармацыйна-асветніцкага праекта «КнігаСвет» 17 лістапада 2017 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла Рэспубліканская чытацкая сесія «„ЧЫТАЧ – гэта культурны статус“: расцём з „КнігаСветам“», арганізатарамі якой выступілі Навукова-метадычная ўстанова «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом „Звязда“» (газеты «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісы «Нёман», «Полымя», «Маладосць», «Бярозка»), Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», Установа «Рэдакцыя газеты „Настаўніцкая газета“», пры падтрымцы Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Інавацыйны паводле шляхоў і сродкаў рэалізацыі праект «КнігаСвет» мае на мэце стварэнне ўмоў для шматвектарнага развіцця культуры чытання беларускага грамадства, інтэнсіфікацыі працэсаў, звязаных з выхаваннем кампетэнтнага, кваліфікаванага чытача на працягу ўсяго жыцця, а таксама для фарміравання і развіцця адкрытага інавацыйнага асяроддзя, арыентаванага на актыўнае ўзаемадзеянне ўсіх, хто зацікаўлены ў росце прэстыжнасці літаратуры і чытання як нацыянальнай культурнай каштоўнасці (чытачоў розных узростаў, літаратараў, выдаўцоў, бібліятэкараў, педагогаў, навучэнцаў і інш.).

Рэспубліканская чытацкая сесія «„ЧЫТАЧ – гэта культурны статус“: расцём з „КнігаСветам“» – адзін з важных крокаў па рэалізацыі праекта «КнігаСвет». Праблемнае поле форуму ўключыла шэраг востра актуальных пазіцый, у ліку якіх: фарміраванне кампетэнтнага чытача ў сістэме бесперапыннай літаратурнай адукацыі; развіццё чытацкай граматнасці; даследаванне тэксту ў структурна-сэнсавым і камунікатыўным аспектах; праграмнае і вучэбна-метадычнае забеспячэнне літаратурнай і моўнай адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі; праблемы кніжнай індустрыі; сучасныя фарматы кніжных выданняў; сучасная бібліятэка як сацыяльны і культурны інстытут; роля сучасных бібліятэк у развіцці нацыянальнай прасторы чытання; магчымасці музеяў, галерэй, тэатраў у фарміраванні грамадскай думкі пра каштоўнасць і значнасць чытання і кніжнай культуры; медыяадукацыя: змест, тэхналогіі і метады ажыццяўлення; новыя падыходы да інфармацыйна-медыйнай працы ў педагагічнай сферы; інфармацыйныя (камп’ютарныя, мультымедыйныя) тэхналогіі ў вывучэнні і выкладанні філалагічных дысцыплін; літаратура ў інтэрнэт-прасторы і іншыя.

Удзельнікамі сесіі былі пісьменнікі і педагогі, выдаўцы і навукоўцы, супрацоўнікі бібліятэк, музеяў, галерэй, тэатраў і спецыялісты сістэмы адукацыі, навучэнцы школ і каледжаў, студэнты.

Адкрыла мерапрыемства на пленарным пасяджэнні прывітальным словам Ірына Леанідаўна Шаўлякова-Барзенка, начальнік Адукацыйнага цэнтра Навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Прысутных павітаў епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін, старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Далей пленарнае пасяджэнне прадоўжылі іншыя выступоўцы.

Даклад «,,Пастылая свабода“ і вялікая лічбавая рэвалюцыя» Анатоля Мікалаевіча Андрэева, члена Прэзідыума Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы, доктара філалагічных навук, прафесара, выклікаў жывую палеміку сярод прысутных.

Не менш цікавым было выступленне «Педагагічны патэнцыял кніжнай спадчыны Францыска Скарыны» Аляксандра Аляксандравіча Сушы, намесніка дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», кандыдата культуралогіі.

Наступнай з дакладам «Часопіс ,,Маладосць“ і школа: формы супрацоўніцтва рэдакцыі і настаўнікаў» выступіла Святлана Дзмітрыеўна Воцінава, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць», і расказала пра тое, як на сучасным этапе ажыццяўляецца ўзаемадзеянне часопіса і школы. Адказваючы на пытанні прысутных, Святлана Дзмітрыеўна паведаміла пра навінкі часопіса.

Пасля пленарнага пасяджэння адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў віртуальнай выставы «Фэст буктрэйлераў па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа»; праекта «Варштат», прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Ірына Леанідаўна Шаўлякова-Барзенка ўзяла слова і выказала падзяку пераможцам конкурсаў і іх кіраўнікам, якія таксама прысутнічалі на мерапрыемстве. Затым прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі ўручылі пераможцам дыпломы і каштоўныя падарункі.

У межах сесіі прайшла работа секцый па тэмах:

  • «Новае пакаленне – новыя тэхналогіі матывацыі да чытання»;
  • «Сучасная літаратура, крытыка і літаратуразнаўства: узаемадзеянне і ўзаемаўплыў»;
  • «Роля і магчымасці сучасных бібліятэк у фарміраванні чытацкай культуры беларускага грамадства»;
  • «Роля і магчымасці музеяў, галерэй, тэатраў у фарміраванні чытацкай культуры беларускага грамадства»;
  • «Медыяадукацыя як інавацыйная прастора фарміравання кампетэнтнага чытача».

Кожная секцыя ўключала ўстановачныя даклады выступоўцаў і тэматычныя адкрытыя дыскусіі.

Завяршыўся працоўны дзень сесіі гутаркай «Да жывога слова» і падвядзеннем вынікаў, дзе кожны ўдзельнік мерапрыемства мог выказацца па рабоце сесіі і цікавых пытаннях.

Віртуальны фотаальбом «Рэспубліканская чытацкая сесія «„ЧЫТАЧ – гэта культурны статус“: расцём з „КнігаСветам“» і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў  віртуальнай выставы „Фэст буктрэйлераў па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа“» размешчаны тут.

 

Адукацыйны цэнтр НІА