19 лістапада 2019 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Міжнароднага конкурсу праектаў «Беларусь і Кітай: Мост у будучыню».
Нагадаем, што мерапрыемства ладзілася навукова-метадычнай установай «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і было накіравана на асобаснае і інтэлектуальнае развіццё маладых людзей праз выкарыстанне магчымасцей сучасных інфармацыйных тэхналогій. Конкурс праходзіў у межах абвешчанага ў нашай краіне Года адукацыі Беларусі ў Кітаі.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, дацэнт Вольга Уладзіміраўна Зелянко. Яна павіншавала ўдзельнікаў цырымоніі з перамогай і пажадала ім далейшых поспехаў.
Удзельнікаў мерапрыемства павітаў беларускі мастацтвазнаўца і этнолаг, доктар гістарычных навук, прафесар, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Міхайлавіч Сахута. Ён расказаў пра гісторыю і сутнасць беларускай выцінанкі – від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які ў беларускай народнай культуры расквітнеў у XIX – першай палове XX ст. Яўген Міхайлавіч падкрэсліў, што кожны чалавек павінен захоўваць і памнажаць скарбы нацыянальнай культуры.
На мерапрыемства была запрошана педагог дадатковай адукацыі аддзела дэкаратыўна-прыкладной творчасці ДУА «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі „Маяк“ г. Мінска», майстар выцінанкі Вольга Аляксандраўна Налівайка. Яна таксама павіншавала ўдзельнікаў конкурсу з перамогай і пажадала ім не страчваць творчага імпэту і развіваць свае таленты.
Гюльнара Мансураўна Юсцінская, начальнік упраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг Нацыянальнага інстытута адукацыі, выказала падзяку пераможцам конкурсу, іх кіраўнікам і бацькам і запрасіла да ўдзелу ў мерапрыемствах, якія будуць праводзіцца.
Павіншаваць пераможцаў конкурсу прыйшла юная пісьменніца, аўтар кніг для падлеткаў Сафія Ворса. Яна прэзентавала свае кнігі і правяла аўтограф-сесію.
Прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі і запрошаныя госці ўручылі пераможцам конкурсу дыпломы і каштоўныя падарункі.
Падчас мерапрыемства В. А. Налівайка правяла майстар-клас па выцінанцы для жадаючых. Дзяўчынкі з захапленнем выразалі ўзоры, якія потым ператвараліся ў прыгожыя малюнкі.
Для гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства супрацоўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі была арганізавана экскурсія па беларуска-кітайскім выставачным праекце «Традыцыі сустракаюцца», які размешчаны ў галерэі «Лабірынт». Прысутныя пазнаёміліся з кітайскім традыцыйным мастацтвам ў розных тэхніках – выразанне з паперы, саломка, бацік, ліхтарыкі ручной работы, расфарбаваныя кветкамі і ўпрыгожаныя кітайскай каліграфіяй, разьба па яечнай шкарлупіне. Беларуская частка экспазіцыі прадстаўляла выцінанкі майстрых Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Упраўленне дыстанцыйных адукацыйных паслуг
Адукацыйнага цэнтра НІА