Новости сайта

Рэспубліканскі інтэрнэт-конкурс, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, на лепшае кароткае апавяданне

Рэспубліканскі інтэрнэт-конкурс, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, на лепшае кароткае апавяданне

от Администратор 1 -
Количество ответов: 0

Навукова-метадычная ўстанова «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь запрашае прыняць удзел у Рэспубліканскім інтэрнэт-конкурсе, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, на лепшае кароткае апавяданне. Мерапрыемства стартуе 2 лютага 2021 года.

Конкурс праводзіцца з мэтай выяўлення і падтрымкі аўтараў-пачаткоўцаў сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, павышэння матывацыі навучэнцаў да асобаснага і інтэлектуальнага развіцця праз выкарыстанне магчымасцей сучасных інфармацыйных тэхналогій.

Да ўдзелу запрашаюцца вучні V–XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі індывідуальна ці ў складзе аўтарскага калектыву (не больш за 3 чалавекі).

Асноўнымі задачамі правядзення конкурсу з’яўляюцца:

  • стварэнне асяродку для асобаснага і інтэлектуальнага развіцця вучняў;
  • стымуляванне цікавасці да вывучэння вучэбных прадметаў «Беларуская літаратура», «Русская литература»;
  • развіццё цікавасці да творчасці Івана Шамякіна;
  • спрыянне развіццю камп’ютарнай пісьменнасці вучняў;
  • стварэнне асяродку для сяброўства і ўзаемадзеяння ўдзельнікаў.

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна падрыхтаваць творчую работу ў жанры кароткага апавядання на беларускай ці рускай мове, запоўніць заяўку па вызначанай форме і накіраваць на электронны адрас adumetod@adu.by (з абавязковай пазнакай у тэме пісьма «Рэспубліканскі інтэрнэт-конкурс, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, на лепшае кароткае апавяданне»). Сваёй заяўкай удзельнік пацвярджае аўтарства работы і згоду з умовамі правядзення мерапрыемства. Заяўкі, аформленыя не ў адпаведнасці з патрабаваннямі і дасланыя несвоечасова, разглядацца не будуць.

Конкурс праводзіцца ў трох узроставых катэгорыях вучняў:

  • V–VI класы;
  • VII–VIII класы;
  • IX–XI класы.

Творчыя работы прымаюцца па 30 красавіка 2021 года. Удзел у конкурсе з’яўляецца бясплатным.

Метадычнае і тэхніка-тэхналагічнае суправаджэнне конкурсу забяспечвае ўпраўленне дыстанцыйных адукацыйных паслуг адукацыйнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Інфармацыйную падтрымку конкурсу ажыццяўляе літаратурна-мастацкі часопіс «Маладосць» Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом „Звязда“».

Пераможцы Рэспубліканскага інтэрнэт-конкурсу, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, на лепшае кароткае апавяданне будуць узнагароджаны дыпломамі I, II і III ступені ў кожнай узроставай катэгорыі.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу адбудзецца 21 мая 2021 года ў Нацыянальным інстытуце адукацыі.

Лепшыя апавяданні будуць апублікаваны на старонках нацыянальнага адукацыйнага партала https://adu.by, у літаратурна-мастацкім часопісе «Маладосць» Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом „Звязда“».

Падрабязней з умовамі правядзення мерапрыемства і патрабаваннямі да творчых работ можна азнаёміцца ў інфармацыйным лісце і Палажэнні аб Рэспубліканскім інтэрнэт-конкурсе, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, на лепшае кароткае апавяданне.

Інфармацыя аб мерапрыемстве і ходзе яго правядзення будзе размяшчацца на нацыянальным адукацыйным партале https://adu.by, афіцыйных старонках нацыянальнага адукацыйнага партала ў сацыяльных сетках Facebook«ВКонтакте».



 

Упраўленне дыстанцыйных адукацыйных паслуг
адукацыйнага цэнтра НІА