Новости сайта

Узнагароджанне пераможцаў адкрытага дыстанцыйнага конкурсу па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура», прысвечанага 85-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

Узнагароджанне пераможцаў адкрытага дыстанцыйнага конкурсу па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура», прысвечанага 85-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

by Администратор 1 -
Number of replies: 0

13 лістапада 2015 года ў Нацыянальным інстытуце адукацыі адбылося ўзнагароджанне пераможцаў адкрытага дыстанцыйнага конкурсу па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура», прысвечанага 85-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, арганізатарам якога выступіў Адукацыйны цэнтр Навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.


Мерапрыемства праходзіла з 7 па 12 кастрычніка і было накіравана на развіццё ўстойлівай цікавасці вучняў да вывучэння вучэбнага прадмета «Беларуская літаратура» праз актуалізацыю ведаў пра жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча; фарміраванне ў вучняў каштоўнасных арыентацый і маральных перакананняў на аснове асобаснага асэнсавання класічных літаратурных твораў; удасканаленне інфармацыйнай культуры вучняў; садзейнічанне іх інтэлектуальнаму, эстэтычнаму і духоўнаму развіццю. Больш за 900 вучняў 9–11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з розных рэгіёнаў краіны прынялі ўдзел у першым і другім турах гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва – давалі адказы ў рэжыме анлайн на 80 пытанняў па жыцці і творчасці пісьменніка. Лепшыя з удзельнікаў атрымалі права прайсці ў трэці, творчы, тур, заданне якога прадугледжвала напісанне эсэ на тэму «Чаму трэба чытаць творы Уладзіміра Караткевіча ў ХХІ стагоддзі».


Суправаджэнне анлайн-конкурсу забяспечваў інтэрнэт-рэсурс olimp.unibel.by, які распачаў сваю працу ў лютым 2015 года. Спонсарамі мерапрыемства выступілі СТАА «Адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій» і ТДА «Аверсэв».


На святочным уручэнні дыпломаў і прызоў прысутнічалі начальнік Адукацыйнага цэнтра Навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь І. Л. Шаўлякова-Барзенка, начальнік аддзела метадычнага забеспячэння дыстанцыйных адукацыйных паслуг Г. М. Юсцінская, начальнік аддзела арганізацыйна-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу Л. Ф. Кузняцова, іншыя супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, пераможцы конкурсу, іх настаўнікі і бацькі, а таксама прадстаўнік спонсараў Н. Аляксеева, вядучы спецыяліст па маркетынгу і рэкламе выдавецтва «Аверсэв».

Адкрыла цырымонію ўзнагароджання прадстаўнік аргкамітэта конкурсу І. А. Пінголь, навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі і метадыст аддзела метадычнага забеспячэння дыстанцыйных адукацыйных паслуг Нацыянальнага інстытута адукацыі. Яна расказала пра мэты правядзення конкурсу, яго арганізатараў, спонсараў, якія прадаставілі прызы пераможцам, а таксама выказала словы ўдзячнасці ўдзельнікам за цікавасць да творчай спадчыны Уладзіміра Караткевіча і неабыякавасць да роднай мовы і культуры.


Старшыня журы конкурсу І. Л. Шаўлякова-Барзенка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, адзначыла высокі творчы патэнцыял вучняў, які выявіўся ў іх цікавых разважаннях наконт ролі і месца творчасці Уладзіміра Караткевіча ў жыцці сучаснай моладзі, і выказала спадзеў, што ўдзельнікі мерапрыемства ў хуткім часе папоўняць кагорту не толькі знаўцаў нацыянальнай літаратуры, але і творцаў ды даследчыкаў мастацтва слова.


Галоўны прыз конкурсу – планшэт, прадастаўлены спонсарам мерапрыемства ТДА «Аверсэв», – быў уручаны вучню 9 класа дзяржаўнай установы адукацыi «Сярэдняя школа № 2 г. Турава» Кірылу Зямлянiку.


Астатнія пераможцы разам з дыпломамі атрымалі ў падарунак кнігі – выданні твораў класічнай і сучаснай беларускай літаратуры.


 

 

Фотаздымкі з цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу можна паглядзець у віртуальным фотаальбоме «Узнагароджанне пераможцаў адкрытага дыстанцыйнага конкурсу па вучэбным прадмеце „Беларуская літаратура“, прысвечанага 85-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча» і на афіцыйнай старонцы нацыянальнага адукацыйнага партала ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».